2011.03.28

Створаная грамадская кааліцыя за бязвізавы рух паміж Беларуссю і Шэнгенам


Шэраг вядомых беларускіх арганізацый і даследчых інстытутаў аб’ядналі свае намаганні ў межах кааліцыі “У Беларусь і Еўропу – БЕЗ ВІЗЫ!”. Пры падтрымцы партнёраў з краін Еўрапейскага Звязу, беларусы збіраюцца адстойваць ідэю бязвізавага руху паміж Беларуссю і іншымі еўрапейскімі краінамі.

 

“Увогуле, дыялог з еўрапейскімі калегамі па аблягчэнні міжчалавечых кантактаў і разбурэнні штучных бар’ераў мусілі б пачаць улады Беларусі, аднак паколькі яны яўна не спяшаюцца, за гэта даводзіцца брацца грамадзянскай супольнасці. Будзем прыкладаць усе намаганні, каб падтрымаць гэтую амбіцыйную грамадскую ініцыятыву беларусаў”, - кажа Томас Тамілінас, прадстаўнік недзяржаўнай арганізацыі „Belarus Watch“, літоўскага партнёра кааліцыі.

 

Створаная кааліцыя мае адкрыты характар. Да яе могуць далучацца іншыя прадстаўнікі грамадскага сектару – як арганізацыі, так і асобныя зацікаўленыя асобы. Асноўнай задачай кааліцыі будзе ажыццяўленне грамадскай кампаніі “Без візы!” па прасоўванні аргументаў за скасаванне візавага рэжыму – інструмента, які кепска зарэкамендаваў сябе ў барацьбе з нелегальнай міграцыяй і арганізаванай злачыннасцю, а вось роднасныя, эканамічныя, культурныя, суполкавыя і іншыя кантакты абмяжоўвае вельмі паспяхова.

 

“Як перажытак часоў Халоднай вайны, візавы рэжым з’яўляецца асноўнай перашкодай для праеўрапейскіх настрояў беларусаў. Сітуацыю пагаршае бюракратычная працэдура падачы дакументаў на візу, а таксама непрыязнае стаўленне да людзей у консульствах”, - упэўнены палітычны аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Дзяніс Мельянцоў.

 

Беларусь з’яўляецца ўдзельнікам праграмы ЕЗ “Усходняе партнёрства”. Ва ўстаноўчых дакументах праграмы як адна з патэнцыйных мэтаў супрацоўніцтва пазначанае дасягненне поўнага бязвізавага рэжыму.

 

Нягледзячы на палітычныя супярэчнасці паміж Мінскам і Бруселем, а таксама візавыя санкцыі, уведзеныя Еўразвязам супраць шэрагу беларускіх урадоўцаў ды візавыя санкцыі ў адказ з беларускага боку, ЕЗ не адмовіўся ад планаў у найбліжэйшы час распачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму. Паводле апытанняў, магчымасць вольна вандраваць – асноўнае чаканне беларусаў у адносінах краіны з ЕЗ.   

 

 

Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся:

Томас Тамілінас +37068627469

Дар’я Слабчанка +375291130908

Дзяніс Мельянцоў +375296268113

 

 

Беларускія партнёры кааліцыі

Aсамблея НДА

Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS)
Кансорцыум ЕўраБеларусь

Цэнтр прававой трансфармацыі

Рух “За Свабоду”

Наш Дом

 

Удзельнікі з Еўрапейскага Звязу:

Belarus Watch (Літва)

Беларускі Дом правоў чалавека ў выгнанні ў Вільні (Літва)

Офіс за дэмакратычныю Беларусь (Бельгія)

Фундацыя Стэфана Баторыя (Польшча)

Трэці шлях (Эстонія)

Вольная Беларусь (Польшча)

 

 



Facebook

Komentarai (0):
Імя*: Эл. пошта:
Каментар*:
« Назад