Культурныя масты
З моманту заснавання наша арганізацыя імкнецца «будаваць масты» паміж грамадствамі дзвюх суседніх краін з доўгай сумеснай гісторыяй – Беларусі і Літвы, якія цяпер падзяляе мяжа Еўразвязу, шэнгенскія візы, палітычныя і ідэалагічныя супярэчанні.
Каб паказаць, як важна ўтрымаць нашы сувязі, нягледзячы на палітычныя непаразуменні, Belarus Watch (ByWatch) правёў шэраг мерапрыемстваў – сумесна з Міністэрствам замежных спраў Літвы, Фондам абароны грамадзян, беларускім Домам правоў чалавека ў Вільні, арганізацыяй студэнтаў ЕГУ StudAlliance і іншымі партнёрамі.
N.R.M. у Вільні
Пачалося з легендарнага NRM. На запрашэнне ByWatch (тагачаснага JuBIC) у 2006 г., акурат напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, музыкі прыехалі ў Вільню, выклікаўшы вялікую зацікаўленасць грамадскасці, што сачыла за падзеямі ў так званай «апошняй дыктатуры Еўропы». Канцэрт NRM у Вільні трапіў у паведамленні самых розных літоўскіх і сусветных СМІ, уключна з ВВС.
Падчас канцэрту таксама выступаў папулярны літоўскі гурт Skyders, што спарадзіла традыцыю прасоўвання культурных мастоў паміж дзвюма народамі.
Канцэрты салідарнасці
Трохі пазней наша арганізацыя правяла шэраг драбнейшых бардаўскіх канцэртаў з удзелам маладых выканаўцаў з Літвы і Беларусі. Яны праводзіліся 16-ага у шмат якія месяцы 2008-2009 гг. на знак падтрымкі сусветных «акцыяў салідарнасці», накіраваных на прыцягненне ўвагі да праблемы палітычных знікненняў і зняволенняў у Беларусі.
У лістападзе 2009 г. адбыўся Фестываль беларуска-літоўскай салідарнасці, на які сабраліся амаль усе гурты і спевакі, што выступалі на папярэдніх канцэртах. Прыемна было бачыць, як разам спявалі літоўскія дзяўчаты, беларускія хлопцы і наадварот, хоць не заўсёды разумеючы словы, але ўсведамляючы важнасць пачуцця еднасці.
У выніку свет пабачыла яшчэ і супольная беларуска-літоўская кружэлка пад назовам «169 км» (каб паказаць, якая невялікая адлегласць падзяляе сталіцы дзвюх дзяржаў, Менск і Вільню). У кружэлку ўвайшлі найлепшыя творы фестываля салідарнасці.
Агульная мова
На мове культуры дамовіцца найпрасцей. Асабліва народам кшталту беларусаў і літоўцаў – іх мовы такія розныя, але іх гісторыя і культура – нават не тое каб падобная, яна агульная.
Традыцыйнае святкаванне Купалля/Joninės пад Вільняю, праведзенае ў 2008 і 2009 г. з удзелам ByWatch, прадставіла беларускім і літоўскім маладзёнам магчымасць у чарговы раз пераканацца, якія падобныя ў іх народаў традыцыі, гульні і інш.
Наша арганізацыя таксама дапамагла арганізаваць у Вільні гастролі спектакля «Тутэйшыя» ў выкананні гарадзенскага лялечнага тэатра на сцэне віленскага тэатра Lėlė. Рэдка так бывае, але на гэтае мерапрыемства прыйшлі самыя розныя беларусы Вільні – ад супрацоўнікаў амбасады да праваабаронцаў і дысідэнтаў. Тым і геніяльны купалаўскі твор пра нашу агульную ідэнтычнасць, што можа будаваць «культурныя масты» нават паміж самімі беларусамі.
Show Europe - Show Belarus
У 2010-2011 гг. ByWatch працягвае намаганні па пабудове сувязяў паміж творчымі супольнасцямі Беларусі і краін Еўразвязу. Разам з партнёрамі ў Беларусі, Эстоніі, Швецыі, Нямеччыны і Партугаліі мы пачынаем новы праект: Show Europe - Show Belarus.
Асноўная мэта надыходзячага праекту – усталяванне кантактаў паміж мастацкімі коламі Беларусі і ЕЗ, пераважна ў галіне візуальных мастацтваў, тэатру і музыкі. Падзяліцца сваімі творчымі напрацоўкамі будуць запрошаныя маладыя таленты з Беларусі, якія ў сваю чаргу змогуць набыць карысны міжкультурны досвед зносінаў з еўрапейскімі аднагодкамі. Спадзяемся, дзякуючы гэтаму паболее беларускай культуры ў Еўропе, а еўрапейскіх каштоўнасцяў – у Беларусі.


