2011.12.20

Кааліцыя "Без візы!" пачала працу з валанцёрамі


Шляхам адкрытага конкурсу было адабрана некалькі дзесяткаў маладых людзей, якія будуць дапамагаць працы кааліцыі "Без Візы"ю 18 снежня адбылася першая сустрэча-трэнінг. Па выніках хатняга задання валянтэры працягнуць навучанне ў Вільні.

 

Пры падтрымцы літоўскай арганізацыі Belarus Watch адбыўся набор і трэнінг валанцёраў для дзейнасці кааліцыі “Без Візы!”, якія будуць дапамагаць ажыццяўляць як ужо запланаваныя мерапрыемствы, так і рабіць свае ўласныя праекты.

 

Першы трэнінг, што адбыўся ў Мінску 18 снежня, сабраў пад адным дахам 40 добраахвотнікаў з розных гарадоў Беларусі і з розных сфераў дзейнасці.

 

Рух “За Свабоду” пазнаёміў новых валанцёраў з планамі мерапрыемстваў па дадзенай тэматыцы. У бліжэйшы час адбудзецца сустрэча Еўраклуба, дзе будзе абмеркаванае візавае пытанне, а таксама дыскусія ў межах "Народнай праграмы". Ёсць і іншыя цікавыя задумкі.

 

"Самае галоўнае, што сабраліся не тыя людзі, якія стала ўдзельнічаюць у нейкіх грамадскіх арганізацыях і рухах, мы пабачылі ў большасці цалкам новыя твары. На мой погляд, прыцягненне такіх людзей, выкарыстанне іх патэнцыялу і энтузіязму павінна быць прыярытэтам для беларускай грамадзянскай супольнасці, калі яна хоча стаць рэальнай сілай у Беларусі і аказваць сапраўдны ўплыў на развіццё падзеяў у краіне”, – кажа Вадзім Вілейта, прадстаўнік арганізацыі Belarus Watch і адзін з каардынатараў кааліцыі “Без Візы!”.

 

Даша Слабчанка як прадстаўніца Руху “За Свабоду” і адна з каардынатарак кааліцыі дзеліцца ўражаннямі:"Заўсёды прыемна сустракацца з людзьмі, якія прагнуць дзеянняў. Кааліцыі пашанцавала з валанцёрамі: ужо на першай сустрэчы нарадзіліся ідэі. Людзі з невялікіх гарадоў адчуваюць недахоп падзеяў дома. Мы будзем працаваць з гэтымі людзьмі, прыязджаць да іх, ладзіць цікавыя сустрэчы, абмеркаванні, кінапаказы і г.д. Нагадаю, што ідэя скасавання візавых бар’ераў як для беларусаў, так і для еўрапейцаў, заўсёды была прыярытэтам для Руху "За Свабоду".

 

Праца валанцёраў будзе скіравана на дапамогу ў распаўсюдзе інфармацыі па візавай тэматыцы ўнутры Беларусі – гэта могуць быць фотаакцыі, выставы, кінапаказы, фэсты, флэшмобы і г.д. Адначасова арганізацыі-удзельнікі кааліцыі “Без Візы!” працягнуць экспертную дзейнасць, а таксама прасоўванне ідэі візавай фасілітацыі і лібералізацыі для Беларусі за мяжой.

 

"Беларусы маюць магчымасць пераняць пазітыўны досвед балканскіх дзяржаваў, дзе вельмі актыўную ролю ў скасаванні візавай заслоны адыграла менавіта грамадства, якое патрабавала, давала аргументы, праводзіла акцыі. Тое ж самае можам рабіць і мы. І гледзячы на гэтых людзей, якія прыйшлі ў валанцёры кампаніі "Без Візы!", я ў гэта яшчэ мацней паверыў”, – падвёў вынікі Вадзім Вілейта.

 

 

За матэрыял і здымкі дзякуем "Руху за Свабоду".



Facebook

Komentarai (0):
Імя*: Эл. пошта:
Каментар*:
« Назад